Сёння ў Беларусі і па ўсім свеце выходзіць у пракат новы фільм пра зомбі з удзелам галівудзкага актора Брэда Піта. Стужка бюджэтам 200 мільёнаў долараў знятая паводле аднайменнага рамана Макса Брукса «Сусветная вайна Z».

Паводле сюжэту, па планеце распаўсюджваецца невядомы вірус, людзі імкліва пераўтвараюцца ў зомбі і пачынаюць забіваць адно аднаго. Кіраўніцтва ААН, ЗША, вайскоўцы хаваюцца ў адзіным бяспечным месцы — адкрытым моры. Рэжысёр Марк Форстэр пры дапамозе масавых шматтысячных сцэнаў і фантастычных спецэфэктаў паказвае ўсю бездапаможнасць чалавецтва перад эпідэміяй. Галоўны герой (Брэд Піт) перамяшчаецца па планеце і шукае, як перамагчы і знішчыць вірус. Кожная краіна дзейнічае па-свойму. Ізраіль пабудаваў гіганцкую крэпасць, куды пусціў палестынцаў. ЗША пасылаюць паўсюль марскіх пехацінцаў. А Паўночная Карэя знайшла самы просты спосаб: цягам сутак павыбівалі зубы ўсім 25 мільёнам яе жыхароў, каб не кусалі адно аднаго і не станавіліся зомбі.

У Ізраілі, здавалася, Брэду Піту прыйшоў канец, самалёт, які мусіў яго выратаваць, адляцеў. І тут яго выратоўвае вялікі белы самалёт з аранжавым надпісам «Belarus Airways». Беларускія пілоты спускаюць Брэду Піту лесвіцу, пакуль да яго імчыцца натоўп зомбі. У арыгінальнай версіі фільму пілоты паміж сабой размаўляюць на расійскай мове, а Брэду Піту адказваюць на англійскай з беларускім (расійскім) акцэнтам. Надпіс «Belarus Airways» з’яўляецца ў фільме 5-6 разоў.

Чаму менавіта «Belarus Airways» — ніякіх тлумачэнняў ад стваральнікаў пакуль не было.