3-6 ліпеня у польскай Гдыні прайшоў Heineken Open`er Festival. Вядомы вытворца піва арэндаваў амаль на тыдзень тэрыторыю аэрапорта, каб парадаваць больш за 50 тысяч слухачоў рознага кшталту музыкай. А на адной з пляцовак 4-дзённы фестываль зачынялі беларускія гурты “Гаротніца” і N.R.M (у сваім сучасным складзе).

Фестывальная зона расцягнулася на некалькі кіламетраў. Пераход ад адной сцэны да другой мог займаць да паловы гадзіны. Усяго ж сцэнаў на фестывалі было 5 – асноўная; Alterklub Stage, на якой выступалі удзельнікі ад Беларусі; Alter space; Beat stage ды сцэна пад намётам, дзе халоднымі балтыйскімі вечарамі слухаць музыку было значна цяплей.

У Гдыню прыехалі Blur, Arctic Monkeys, Editors, Nick Cave&The Bad Seeds, The National, Kings Of Leon і іншыя. Сярод выканаўцаў было дастаткова і польскіх гуртоў. Не ўсе яны вядомыя беларускаму слухачу, але палякі ў адзін голас падпявалі Maria Peszek і дружна танчылі пад Matisyahu.

Піва ў кубках аб’ёмам 0,4 літра прадавалі паўсюль, але ж тэрыторыя каля сцэнаў была зонай, свабоднай ад алкаголю. Увогуле сур’ёзная сістэма кантролю на ўваходзе на фестываль не дазваляла пранесці ні напояў, ні харчавання. Кропак з ежай хапала на розны густ, хаця некаторыя і лаялі іх за тое, што стравы прадавалі залішне вострыя.

Разлічвацца за піва, харчаванне і што-небудзь яшчэ (для тых, кто не меў карткі з бескантактнай сістэмай аплаты PayPass) трэба было адмысловай валютай фестываля – так званымі бонамі, якія можна было атрымаць у абмен на злотыя (1 бон = 3 злотых). Так, кубак піва каштаваў 2 бона, што прыкладна роўнае 16 тысячам беларускіх рублёў. Пад’есці можна было ў два-тры разы даражэй. 

Аматарам музыкі было сябе чым заняць і ў перапынках паміж канцэртамі. Тут можна было праверыць сваю ступень залежнасці ад нікатыну, а таксама ўзровень валодання мапай Афрыкі і польскіх нацыянальных паркаў. За тое, што цябе сфатаграфуюць, можна было выйграць цішотку, а прэзерватывы і цукеркі раздавалі бесплатна. Працавала фотакабінка і кінатрэатр, дзе дакументальны фільм пра Pussy Riot двойчы збіраў поўную залю.

Парадавала і Silent disco – пад паўкруглым дахам прысутныя танчылі ў навушніках, якія выдавалі на ўваходзе. Таксама была арганізавана тэатральная сцэна, а на fashion stage ладзілі свай паказы дызайнеры адзення.

“Склееныя” у форме самалёта аўтобусы ідэальна белага колеру – праект польскага мастака Паўла Альтхамэра – маглі на працягу ўсяго фестываля размалёваць усё ахвотныя.

Беларускія “Гаротніца” і N.R.M у ноч з 6 на 7 ліпеня закрывалі сцэну Alterklub. Яны былі адзінымі выканаўцамі, якія спявалі па-беларуску (мовамі фестываля былі ангельская і польская).

Выступ гуртоў з Беларусі пачаўся у 2.30 – у такі час дачакаліся песняў прыкладна каля паўтысячы гледачоў. Фінішным акордам фестываля стаў перфоманс аднаго з найвыбітнейшых мастаўкоў сучаснага польскага мастацтва Паўла Альтхамера. Гурт N.R.M., апрануты ў залатыя касцюмы, падчас выканання песні “Прамень” заклікаў слухачоў ісці разам сустракаць узыход сонца. Удельнікі акцыі, сярод якіх былі і валанцёры з Беларусі, перад выступам беларускага гурта раздалі прысутным каля паўсотні сімвалічных залатых пледаў. А па дарозе да мора да бліскучай тусоўкі далучаліся і тыя, каму не спалося ў апошнюю фестывальную ноч, – на ўзбярэжжы Балтыкі сустракалі ўсход не толькі беларусы і палякі, заўважаныя былі таксама ўкраінцы і англічане.