Кен Хэнслі заявіў, што яго канцэрт у Мінску забаранілі беларускія ўлады. 67-гадовы брытанскі рок-музыка напісаў пра гэта ў сераду на сваёй старонцы ў Facebook.

Ён выказвае шкадаванне, што даводзіцца паведамляць кепскую навіну і піша: «…канцэрт Ken Hensley & Live Fire… у Мінску адменены, паколькі яго забаранілі беларускія ўлады». Кен Хэнслі прынёс прабачэнні ўсім, хто збіраўся пайсці на канцэрт ці ўжо замовіў білеты.

Нагадаем, рок-музыка мусіў выступіць падчас мерапрыемства «Музычная прэмія ТNT клуба». Яго дырэктар-арганізатарка Наталля Давыдава паведаміла ў сацыяльных сетках, што спачатку мерапрыемства планавалася ў фармаце музычнага фестываля ў парку Dreamland. Аднак «Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама… абмежавала час правядзення«. І яго перанеслі ў клуб па вуліцы Рэвалюцыйная. Пра гэта Давыдава паведаміла па электроннай пошце Кену Хэнслі.