6-7 верасня пад Мінскам адбудзецца пяты па ліку фолк-фэст «Камяніца». У гэтым годзе ўпершыню свята народных традыцый, сучаснай музыкі і выдатнага настрою адбудзецца ў пашыраным фармаце пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».

6 верасня фэст адчыніць «Сяброўская вячэра», на якой збяруцца ўдзельнікі фэста за ўсе пяць гадоў. Гасцей чакае прэзентацыя маляўнічай кінастужкі «Гісторыя беларускай страўні», кулінарны майстар-клас ад страўні «Камяніца» з дэгустацыяй, а таксама музыка. Падчас імпрэзы адбудуцца міні-прэзентацыі альбомаў гуртоў «Палац», «Аляксандра і Канстанцін» і Ірэны Катвіцкай. Музычны хэдлайнер вечара – гурт Shuma, які спалучае фолкавыя спевы з сучаснай электронікай.
 
– «Сяброўская вячэра» – эта магчымасць для артыстаў сустрэцца і распавесці адзін аднаму апошнія творчыя навіны і проста пагутарыць пра жыццё,што ў звычайныя фестывальныя дні зрабіць немагчыма. Для аматараў беларускага фолку гэта магчымасць атрымаць аўтографы ад лідараў беларускай фолк-сцэны, паразмаўляць з імі і задаць наўпрост свае пытанні, – распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.
 
7 верасня – вялікі фестывальны дзень. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты «Палац», «Стары Ольса», Guda, а таксама замежныя госці: «Даха-Браха» (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Hvarna (Расія) і «Фолкнери» (Україна). На малой – дзіцячыя фолк-калектывы з розных куткоў краіны.
 
– На мой погляд, гэта самы зорны склад выступоўцаў за ўсе 5 год. Хэдлайнеры вельмі розныя па стылістыцы, але кожны з іх – сапраўдная з’ява ў сваёй краіне, вельмі ўплывовыя постаці. Запрасіць іх хацелі і раней, але зараз было прасцей вырашыць усе пытанні, таму што фестываль ужо мае вядомасць за мяжой. Наша асобная падзяка Інстытуту Польскаму за дапамогу ў арганізацыі выступу Orkiestra Sw. Mikolaja, – адзначае Сяргей Чагрынец.
 
Акрамя гэтага гледачоў чакаюць выставы, забавы, танцы і кірмаш. Грошы за ўваход як заўжды ідуць на рахункі Музею народнай архітэктуры і побыту, дамапагаючы захоўваць драўляныя экспанаты 18-20 вякоў. Уваход у нацыянальных строях бясплатны.
 
6 верасня – фолк-фэст «Камяніца»: «Сяброўская вячэра». Пачатак: 18.00. Даведка/замова: (029) 394 51 21.
7 верасня – фолк-фэст «Камяніца». Пачатак: 12.00. Кошт квіткоў: 30 тыс. руб. Даведка/замова: (029) 394 51 21.

Месца правядзення: п.Азярцо (4 км. за аўтарынак «Малінаўка), Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту